Связаться с нами

"Танк Бахарава (мемарыял воінам-вызваліцелям у Бабруйску"

Спыніўся час тут цішаю бясконцай,
Спыніся й ты, мой дарагі зямляк –
У месцы, над якім святлее сонца,
У месцы, дзе свяцей за ўсё зямля.

Тут вуліцы губляюцца ў прасторы,
Іх дойлід перад плошчай супыніў,
Тут танк на п'едэстале, самы зорны,
А побач наспы зорныя магіл.

Мы не забудзем подзвіг векапомны,
Які салдат вайны пазалаціў.
Мы будзем помніць, вечна ўдзячна помніць
Тых, хто жыццём за Перамогу заплаціў.

Не звянуць кветкі на магіле генерала,
Бясстрашнага натхняльніка атак.
Не звянуць кветкі, і не змеркне слава
Над плошчай, дзе ў Бабруйску стаіць танк.

Віктар Маліноўскі, 2025г.
 
«Беларусь памятае» 

Несуцешны смутак па мільёнах,
Гэты жаль не мае даўніны,
Беларусь складаецца з імёнаў
Слёз і болю жудаснай вайны

Наш народ, зычлівы і пабожны,
Спрабавалі нелюдзі забіць,
Родны край, ад Нёмана да Сожа,
Меліся ў агнях Хатынь спаліць.

І пакутніцкая кроў дзяцей Азарыч,
Енк і стогн ахвяраў Трасцянца,
Спавівае розум наш і памяць,
Шчыміць сэрцы дотыкам свінца.

Гераічнай Крэпасці цагліны
Гартаваныя і смерцю, і агнём,
Як падмурак мужнасці Радзімы,
На якім ствараем і жывём.

З намі назаўжды імёны болю
І імёны бою – назаўжды,
Памятае Беларусь герояў,
Пераможцаў памятаем мы!
       Памятае Беларусь герояў,
       Пераможцаў памятаем мы!

Віктар Маліноўскі, 2025г.
 
 
#БеларусьПомнит  #80летПобеды  #кожнытрэці  #спасибо_за_мир