Забеспячэнне бяспечных умоў працы – гэта не проста выкананне інструкцый, а перш за ўсё клопат пра жыццё і здароўе кожнага работніка. Менавіта з гэтай мэтай у горадзе створана мабільная група па ахове працы, якая аказвае практычную і метадычную дапамогу кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый. 13 лютага яе ўдзельнікі наведалі фабрыку мастацкіх вырабаў.
На фабрыцы мастацкіх вырабаў, дзе з-пад рук майстроў выходзяць унікальныя вырабы з акцэнтам на нацыянальныя традыцыі, пытанні аховы працы маюць сваю спецыфіку. Праца з тэкстылем, дрэвам, металам і саломкай патрабуе не толькі ўменняў, але і выразнай арганізацыі працоўнай прасторы. Удзельнікі мабільнай групы звярнулі ўвагу на стан абсталявання, асветленасць працоўных месцаў і выкананне тэмпературнага рэжыму. На фабрыцы ўпэўненыя: работа па захаванні народных традыцый павінна ісці побач з сучаснымі стандартамі бяспекі.
– Мы з'яўляемся арганізацыяй, якая працуе ў сістэме Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Там ёсць спецыяльна створанае падраздзяленне ў галоўным гаспадарчым упраўленні, спецыялісты якога ажыццяўляюць рэгулярны маніторынг. Ён праводзіцца штоквартальна. Бліжэйшы мы чакаем 18 лютага. Выконваем мы ўсе прадпісанні, вядома ж, і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама. Для навучання работнікаў на прадпрыемстве набылі спецыяльны праграмны комплекс, на аснове якога ў далейшым здаецца экзамен. У мінулым годзе 4 нашы спецыялісты, у тым ліку і я, дзякуючы такой падрыхтоўцы гэты экзамен здалі паспяхова. А ў канцы 2025 года мы набылі абсталяванне, якое дазваляе вырашыць адразу тры задачы. Гэта ўлік працоўнага часу – прыход, сыход, тэмпературны рэжым і ўбудаваны алкатэст, – расказаў дырэктар прадпрыемства Аляксей Янусаў.


Крыніца: bobruisk.gov.by