"Зямля славы"

Усцілаюць граніт гваздзюкі і цюльпаны,
Залацеюць паважна істужкі вянкоў,
А крывавай вайны незагойныя раны
Запякліся ў барву ўзнятых сцягоў.
 
Мы ідзём да магіл, курганоў, абеліскаў,
Да байцоў, да ахвяр скатаваных, ідзём.
Кожны паўшы для нас дарагі, кожны блізкі,
Перамога складаецца з іх незабыўных імён.
 
Беларусь ушаноўвае гераічныя даты і святы,
У спакоі краіна мацнее ў жытнёвых палях.
І данінай павагі праходзяць у маршы ўрачыстым салдаты,
Там, дзе славу і гора ўвабрала навекі зямля.
 
Віктар Маліноўскі '26