Штогод 2 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці, устаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года. У народзе гэты дзень называюць Восеньскія Дзяды (Восеньскiя Дзяды), які праваслаўныя адзначалі на трэцім тыдні пасля Пакровы. Гэта дзень успаміну продкаў.

У народным календары існуе ўніверсальны алгарытм для вылічэння дат усіх народных свят. Нажаль, у стаўленні дадзенага свята, калі Дзень памяці быў уключаны ў спіс дзяржаўных свят, народная традыцыя не была выканана. Цяпер гэтае свята прынята адзначаць у адну з субот з 1 па 11 лістапада, аб'яднаўшы практычна дзве традыцыі — праваслаўную і каталіцкую. А дзяржаўны Дзень памяці ў Беларусі ўсталяваны на 2 лістапада.

У беларусаў Восеньскiя Дзяды — свята сямейнае, хатняе. Толькі ў некаторых заходніх раёнах Беларусі вядомы выпадкі, калі людзі хадзілі самі наведваць продкаў на могілках. Гэта вясной, на Радаўніцу прынята наведваць памерлых на могілках, а сёння запрашаюць продкаў да сябе дадому, каб пачаставаць і аддзячыць за дапамогу і заступніцтва.

У гэты дзень паміналі ўсіх продкаў незалежна ад іх месца пахавання. Перад Дзядамі чыста прыбіраліся, мыліся ў лазні, дзе пакідалі вядро чыстай вады і новы венік для душ продкаў. Жанчыны гатавалі розныя стравы. Гаспадар дома запальваў свечку, чытаў малітву і запрашаў усіх продкаў на вячэру. Перад вячэрай у доме адчыняліся ўсе дзверы, каб продкі маглі заходзіць і садзіцца за стол. Перад тым як прыступіць да чарговай стравы, частку яе адкладалі на спецыяльную талерку для духаў.

Колькасць страў на стале магла быць розным, але абавязкова няцотным і не менш за пяць. Кожная страва падавалася парна ў цотнай колькасці (калі 7 страў, то на 14 талерках). Тым самым ураўнаважвалася сітуацыя, калі не павінны быць у крыўдзе ні жывыя, ні памерлыя.

Урачыстая памінальная вячэра доўжылася даволі доўга, усе паводзілі сябе стрымана. Узгадвалі лепшае ў сваіх памерлых сваяках, тыя ўчынкі, якімі можа ганарыцца не адно пакаленне гэтага роду.

Падчас святочнай вячэры дазвалялася гаварыць толькі аб дзядах — іх жыцця, асобных выпадках і рысах характару, успаміналіся іх словы і навучанні, мудрыя парады і добрыя справы. Пачыналася гэтая размова з аповяду пра найстарэйшага і найбольш вядомага продка, а заканчвалася ўспамінам аб памерлых зусім нядаўна. Так рабілі кожны год, паступова перадаючы ўсю інфармацыю дзецям і ўнукам.

На Дзяды кожная сялянская сям'я шчодра надзяляла жабракоў, якія хадзілі па вёсцы.

На працягу 20 стагоддзя традыцыя памінаць сваіх продкаў на Дзяды не мела вялікага распаўсюджвання. У 1990-я гады Восеньскія Дзяды, прымеркаваныя да 2 лістапада, на некаторы час сталі афіцыйным непрацоўным днём.

Сёння, нягледзячы на тое, што дзень 2 лістапада зноў аб'яўлены рабочым, Восеньскія Дзяды шырока адзначаюцца сельскімі і гарадскімі жыхарамі.

Крыніца: Bobrlife.by</a >