Форум «Моладзь і будучыня» сабраў у РГЦ «Сілічы» 150 прадстаўнікоў моладзі з арганізацый Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта з усіх абласцей краіны.
Намеснік кіраўніка справамі Прэзідэнта Беларусі Антон Краеўскі адзначыў, што ў структуры працуюць практычна 3 тыс. маладых людзей. «Традыцыйна мы заўсёды ўдзяляем увагу не толькі іх прафесійнаму развіццю, станаўленню як прафесіяналаў на працы. Мы таксама стараемся звяртаць увагу на традыцыі. Вельмі вялікую ўвагу ўдзяляем пытанню сям'і, развіццю як асобы, як лідара нашай моладзі», — сказаў ён.
Сімвалічным, на думку Антона Краеўскага, з'яўляецца тое, што форум пачаўся з экскурсіі па мемарыяльным комплексе «Хатынь» і ўскладання рытуальнага вянка і кветак. «На форуме прадугледжаны вельмі шчыльны графік мерапрыемстваў, разлічаны на два дні. Гэта не проста так: мы хочам, каб моладзь заўсёды памятала гісторыю Беларусі, сваёй радзімы, разумела памылкі, якіх не трэба рабіць, што лепш жыць у міры, ствараць, працаваць і тварыць», — рэзюмаваў намеснік кіраўніка справамі Прэзідэнта.


Адміністратар службы прыёму і размяшчэння ДП «ГК «Юбілейны» Софія Тарлецкая ўпершыню прымае ўдзел у форуме. На мерапрыемства яе запрасілі разам з калегам. Асаблівую цікавасць удзельніца чакае ад другога дня праграмы, дзе пройдзе дыялог з кіраўнікамі: ей цікава, якія пытанні будуць задаваць і якія адказы на іх прагучаць.
Начальнік службы прыёму і размяшчэння ДП «ГК «Юбілейны» Алег Якубеня ўдзел у форуме прымае ўжо ў чацвёрты раз. «Мне заўсёды былі цікавыя нейкія актыўнасці акрамя працы, кудысьці паехаць, штосьці новае даведацца. А на моладзевым форуме заўсёды цікава, кожны год можна штосьці новае ўбачыць, пачуць, пазнаёміцца з калегамі», — адзначыў ён. Алег Якубеня лічыць, што ў гэты раз праграма насычанейшая, чым у мінулыя гады. «Тут больш розных трэнінгаў. Таму спадзяюся паслухаць, даведацца штосьці яшчэ больш цікавае», — падзяліўся планамі начальнік службы прыёму і размяшчэння.




Аграном па ахове раслін ДП «Васход» Андрэй Арлоў, малады спецыяліст, удзел у форуме прымае ўпершыню. «Пакуль вельмі цікава. На форумах заўсёды вельмі шмат новых знаёмстваў, можна атрымаць вопыт зносін з іншымі спецыялістамі, як з маладымі, так і з тымі, якія ўжо даўно працуюць. У любым выпадку, для сваёй прафесіі, мне здаецца, шмат чаго змагу пераняць», — заключыў ён.
Заўтра ўдзельнікі наведаюць дыялогавую пляцоўку форуму з кіраўніцтвам Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта «Размова пра галоўнае: моладзь і будучыня».
Крыніца: Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь