-->

У нацыянальным парку "Белавежская пушча" адкрылі Міжнародны навуковы цэнтр вывучэння дзікай прыроды. Там размясціліся лабараторыі экалагічнага маніторынгу прыроднага асяроддзя, высокатэхналагічныя сховішчы для сістэматызацыі і захоўвання даследуемых узораў флоры і фаўны, адміністрацыйныя памяшканні. У цэнтры будуць працаваць навукоўцы Белавежскай пушчы і запрошаныя спецыялісты з Беларусі і іншых краін. Белавежская пушча з'яўляецца ўнікальным прыродным комплексам, які мае асаблівае значэнне. Яна ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

 

Будаваць двухпавярховы будынак пачалі вясной 2025 года ў рамках рэалізацыі плана кіравання нацыянальным паркам. Галоўная задача цэнтра — стаць сучаснай міжнароднай пляцоўкай для кансалідацыі намаганняў вядучых беларускіх і замежных навукоўцаў, эколагаў, экспертаў.

Прыняўшы ўдзел у ўрачыстай цырымоніі Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Круты падкрэсліў, што гэта знакавая падзея для ўсёй краіны:

— Сёння Брэсцкую вобласць наведвае наш Прэзідэнт. Першыя словы, якія ён сказаў старшыні Брэсцкага аблвыканкама, датычылі Белавежскай пушчы — уважлівага стаўлення да перспектыў развіцця гэтай лакацыі. Папулярнасць Белавежскай пушчы вызначыла прыярытэты на бліжэйшыя гады. Усе аб'екты, створаныя тут, запатрабаваныя. Новы цэнтр мае асаблівае сімвалічнае значэнне. Мы павышаем ролю нашай Акадэміі навук і прыродаахоўных тэрыторый. Праект рэалізаваны хутка і максімальна якасна.

Кіраўнік справамі Прэзідэнта Юрый Назараў удакладніў, што навукова-даследчы комплекс задуманы як стратэгічны ўклад у захаванне ўнікальнай экалагічнай спадчыны і таму разлічаны на доўгатэрміновую перспектыву:

— Створаны цэнтр прызначаны працаваць не толькі на Белавежскую пушчу. Па вялікім рахунку, усе нашы нацыянальныя паркі вядуць навуковую працу. Тут будзе сканцэнтравана яе каардынацыя. Задача кожнага нацыянальнага парку — захаваць у натуральным стане ўсе прыродныя працэсы. Белавежская пушча — унікальны прыродны комплекс — аб'ект ЮНЕСКА, які мае асаблівае значэнне. Яго важна захаваць. Для гэтага і патрэбна прыкладная навука, каб назіраць за працэсамі, якія адбываюцца тут, і прагназаваць, што будзе адбывацца далей.

Старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік адзначыў, што навуковая дзейнасць у нацыянальным парку вялася пастаянна:

— Адкрыццё новага цэнтра прадаставіць навукоўцам новыя інструменты, якія дазволяць праводзіць даследаванні на якасна новым узроўні.

Сучасны навукова-даследчы комплекс задуманы як стратэгічны ўклад у захаванне ўнікальнай экалагічнай спадчыны і разлічаны на доўгатэрміновую перспектыву. Дзейнасць цэнтра будзе накіравана на комплекснае міждысцыплінарнае вывучэнне эталонных экасістэм Белавежскай пушчы, маніторынг рэдкіх відаў жывёл, у тым ліку белавежскага зубра, захаванне біялагічнай разнастайнасці і распрацоўку інавацыйных метадаў палявых даследаванняў. На аснове дакладных шматгадовых дадзеных навукоўцы сфарміруюць навукова абгрунтаваныя стратэгіі захавання, аднаўлення і ўстойлівага кіравання рэліктавым першабытным лесам Еўропы ва ўмовах глабальных кліматычных змен.

Інфраструктура новага корпуса разлічана на адначасовую эфектыўную працу пастаяннага і запрошанага персаналу. У будынку абсталяваны працоўныя месцы для 30 штатных супрацоўнікаў і шасці камандзіраваных спецыялістаў. Разгорнуты перадавыя лабараторыі экаманторынгу, створаны высокатэхналагічныя сховішчы для сістэматызацыі ўнікальных узораў флоры і фаўны.

— Мы атрымалі не проста рабочыя кабінеты, а аўтаномную высокатэхналагічную платформу, — адзначыў генеральны дырэктар ДУ Нацыянальны парк «Белавежская пушча» Ян Вянсковіч. — Новае абсталяванне дазволіць нам самастойна весці найскладанейшыя даследаванні, на месцы апрацоўваць пробы і аператыўна адсочваць змены ў экасістэме пушчы. Стварэнне такіх цудоўных умоў павышае прэстыж запаведнай навукі, прыцягвае вопытных і маладых спецыялістаў, дае магчымасць эфектыўна развіваць міжнароднае супрацоўніцтва.

Асобнай увагі заслугоўвае манумент мікраскопа, усталяваны каля ўвахода ў цэнтр. Гэты сімвалічны арт-аб'ект быў выраблены спецыялістамі нашай "Фабрыкі мастацкіх вырабаў" — мы ганарымся, што наш праца стаў часткай гэтай значнай для навукі падзеі.

Крыніцы: Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, БЕЛТА