Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
Дарагія сябры!
Віншую вас з 50-годдзем з дня ўтварэння навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца».
На працягу паўстагоддзя, злучаючы вопыт самабытнага мінулага, захаваны ў унікальных старадаўніх тэхналогіях, і смелыя ідэі сучаснасці, ваш невялікі і дружны калектыў не толькі вывучае і беражэ народныя рамёствы, але і стварае будучыню нашай цудоўнай краіны.
У майстроў «Скарбніцы» асаблівая сфера адказнасці. Вы пішаце яркі сучасны летапіс: у вашых руках нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры, якія ўвасабляюць асаблівы культурны код і душу нацыі. Таму кожная ваша праца так высока цэніцца ў нашай рэспубліцы і далёка за яе межамі.
Перакананы, і надалей любоў да роднай зямлі і яе багатай гісторыі, працавітасць, вернасць традыцыям, закладзеным ветэранамі, дапамогуць вам у выкананні найважнейшай місіі — захаваць і прымножыць народныя мастацкія рамёствы для будучых пакаленняў.
Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і невычэрпнага творчага натхнення на карысць нашай любімай Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка
Юрый Назараў таксама павіншаваў калектыў «Скарбніцы» з юбілеем.
Звяртаючыся да яе работнікаў, ён падкрэсліў, што «Скарбніца», з'яўляючыся адзіным у рэспубліцы прадпрыемствам, якое ажыццяўляе навукова-даследчую дзейнасць па адраджэнні традыцыйных беларускіх рамёстваў, займае лідзіруючую пазіцыю ў іерархіі прадпрыемстваў аб'яднання «Белмастацпромыслы» і ў цэлым у вытворчасці вырабаў народных мастацкіх рамёстваў у Рэспубліцы Беларусь. Гэта не толькі ганаровая місія, але і высокая адказнасць.
– Менавіта вы ў сваіх экспедыцыях і навуковых даследаваннях знаходзіце унікальныя старадаўнія тэхнікі і прыёмы беларускіх рамёстваў, узнаўляеце іх і ўмела ўплятаеце ў эксклюзіўныя сучасныя вырабы, – адзначыў Кіраўнік справамі Прэзідэнта. – Дзякуючы працы некалькіх пакаленняў майстроў «Скарбніцы» разам з вучонымі-этнографамі, узнаўлены строі беларускіх народных касцюмаў, у тым ліку тых, якія ствараліся ў далёкія сярэднія вякі. Гэта каласальная праца і вельмі вялікі каштоўны ўклад у гісторыка-культурную спадчыну краіны, адраджэнне і захаванне багацейшых народных рамёстваў Беларусі.


Юрый Назараў падзякаваў работнікам прадпрыемства за нястомную, карпатлівую працу, высокі прафесіяналізм і адданасць абранай справе, пажадаў усім моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы і новых здзяйсненняў на карысць Рэспублікі Беларусь, а таксама ўручыў узнагароды ў сувязі з 50-годдзем УП «Скарбніца».
За значны ўклад у адраджэнне, захаванне і развіццё народных мастацкіх рамёстваў Рэспублікі Беларусь і ў сувязі з 50-годдзем з дня заснавання прадпрыемства працоўны калектыў навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў «Скарбніца» ўзнагароджаны Ганаровай граматай Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Нагрудным знакам Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, выкананне на высокім прафесійным узроўні працоўных абавязкаў, значны асабісты ўклад у адраджэнне, захаванне і развіццё народных мастацкіх рамёстваў узнагароджана вышывальшчыца навукова-вытворчага ўчастка праектавання строчавышытых вырабаў Аляксандра Генадзьеўна Марчанка.


За шматгадовую плённую працу, выкананне на высокім прафесійным узроўні працоўных абавязкаў, значны асабісты ўклад у адраджэнне, захаванне і развіццё народных мастацкіх рамёстваў і ў сувязі з 50-годдзем з дня заснавання прадпрыемства памятным нагрудным знакам Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «30 год Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» узнагароджана шэсць работнікаў, уключаючы кіраўніка Марыю Тарайковіч.
Ганаровай граматай Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны два чалавекі. Падзяка Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлена чатыром работнікам.


На ўрачыстым сходзе таксама былі ўручаны ўзнагароды ДГГА «Белмастацпромыслы», Беларускага прафсаюза работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання і УП «Скарбніца».
Госці свята змаглі ўбачыць выставу унікальнай прадукцыі майстроў прадпрыемства, а таксама прадстаўленне калекцыі эксклюзіўных касцюмаў, выкананых у высокамастацкім стылі беларускіх народных традыцый.




Крыніца: Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь